Michas Skobla (Міхась Скобла)
[Паслухайце чалавекі]
[Паслухайце чалавекі]
Паслухайце чалавекі —
з чаго зроблены вашыя чаравікі
у падэшвах якіх яшчэ цепліцца жыцьцё
як доўга не памірае мора ў ракавіне
малітва ў разбуранай царкве
рэха на стадыёне
і таму не зьдзіўляйцеся
калі звычайная падушка
раптам вылятае ў адчыненае акно
абезгалоўленыя селядцы ў бляшанцы
варушаць спаленымі расолам плаўнікамі
а човен прырастае да берага
і калі полымя вырастае
яно пакідае зямлю —
вяртаецца на сонца
і калі могілкі стануць паркам
імя якога-небудзь Сьмеху Варта
то ўсё роўна яшчэ тысячу гадоў
па начных алеях блукацьме сьмерць
і калі заварушыцца брук —
мы спахопімся
што хадзілі па чарапахах...