Andrej Chadanowitsch (Андрэй Хадановіч)
[кожны старт азначае фініш]
[кожны старт азначае фініш]
кожны старт азначае фініш
і сканчаецца альфабэт
толькі ўласнае “я” закінеш
ў кірылічна-кілерскі сьвет
ён сьмяецца аж бачна дзясны
бог з машыны
аўтар з аўто
на пачатку ня вельмі ясны
і далей невядома што
не тырчыш ад сьвету? тым горай
бачыш іншыя пад настрой
прагнуць кайфу кожнаю порай
кожнай парай кожнай парой
ліст да сьвету прыйдзе знадворку
ў панядзелак
адкуль? куды?
знойдзеш аўтарку да аўторку?
дасі рады да серады?
вунь мінак юнак недарэка
мутны погляд шчасьлівы твар
прэцца ў пошуках чалавека
чырванее пад вокам ліхтар
мудакі стаяць у мундурах
кулі-дуры стаяць у чарзе
покуль бард нахтыгаль прыдурак
ачмурэла вершы вярзе
брыдучы ў неймавернай мове
па скалечаным целе трысьця
паміраючы ад любові
да жыцьця