Vital Ryzhkou (Віталь Рыжкоў)
дарожныя здарэнні
дарожныя здарэнні
ты сам — гэта твае наступныя крокі і
прынятыя табой рашэнні
але ніколі не ведаеш, што цябе напаткае
ў наступны момант
мінск-магілёў. шаша ў смузе
дзве аварыі па дарозе. хутчэй бы даехаць
надакучыла ехаць
на мабілцы высвечваецца нумар былой жанчыны
і тут — бля! —
лось!
ну ведаеце лось
вясёлая махіна і стомлены пагляд
лось
назоўнік мінулага часу
і сена і соль і ўсё злілося
выдатны самадастатковы лось
прадугледжаная непазбежнасць
вы бачылі такіх
ну дык вось
нязмушана
лёгка
фактычна з усмешкай
акурат так як намалявана на дарожным знаку
(хоць там і алень)
зрэнкі ўжо павялічыліся пашча прыадкрытая
з размаху
аб бампер аб лабавое шкло
усім целам
зацішша не было
ён пачаў крычаць яшчэ да ўдару
гучна пераканаўча
плача просіць выклікаць хуткую
каб не пакідаў яго даў шанец
абдымае ўсхліпвае кажа кахае адзін цяпер не выжыве
раве нашыя адносіны не могуць так скончыцца
хай падумаю нейкі час не адпускае
гэта невыносна
мне таксама цяжка
шукаю
сабе апраўданні гэта ўсё справа звычкі
страшна заставацца аднаму
без размоваў без абдымкаў без сваёй жанчыны
столькі часу змарнавана каб наладзіць
адносіны
жудасна непрыемна
такая прыкрасць
«some sign that it's still around
got to find the love that we lost»,
«шкада заранкі мне, што ў небе дагарае» —
папераменна спявае лось
ужо ўначы стаўлю машыну ў двары
у крыві і слязах увесь хочацца паліць
халодна і адзінока страшна
ніколі не ведаеш што з табой здарыцца
ў наступны момант што цябе напаткае —
прыгажосць
каханне
лось