Hlieb Labadzienka (Глеб Лабадзенка)
* * * [дзяўчушка]
мабыць
я цябе запомніў
ва ўсіх тваіх
эквівалентах
і ў нотах
на любых
чароўных
і незвычайных
інструментах
і ў
нядзельных перадачах
пра тое, як гатуюць
кашу
ты лечыш кашаль
верыш нашым
танчыш
і кожны ранак
будзе лета
ты сонцу робіш
пацягушкі
мая чароўная кабета
мая дзяўчушка
плюеш з захмарных хмарачосаў
гадуеш кактусы і ружы
і слухаеш
гаворкі пра
прычоскі
і мужчынаў
дужых
твая каціная
ўсьмешка
гайдае хлопцаў
і падлеткаў
і цягнуць дзеці
на застрэшша
кветкі
і кожны ранак
будзе лета
ты сонцу робіш
пацягушкі
мая чароўная кабета
мая дзяўчушка
маркотны золак
ломіць пляны
хавае ў прыцемкі
надзею
шукае панк
сваю нірвану
плэй-ліст -
ды-джэя
ванільны золак
носіць лета
па камізэльках
і хусьцінках
ты ціха падстаўляеш
гладзіць
сьпінку
і кожны ранак
будзе лета
ты сонцу робіш
пацягушкі
мая чароўная кабета
мая дзяўчушка
прыходзіць ноч
табе ў падушку
каб ты ў сьне
была прынцэсай
і месяц-гад
табе на вушка
свае дыктуе
эсэмэсы
ты сьпіш
ты зноўку чараўніца
я абдымаю твае вочы
ўсе будзе так, як
нам прысьніцца
як мы захочам
і кожны ранак
будзе лета
ты сонцу робіш
пацягушкі
мая чароўная кабета
мая дзяўчушка