Leanid Dranko-Majsjuk (Леанід Дранько-Майсюк)
[Цябе кахалі іншыя, і я]
[Цябе кахалі іншыя, і я]
Цябе кахалі іншыя, і я
Цябе кахаў таксама і кахаю …
У Менску, дзе не ўчуеш салаўя,
Ёсць салаўіная пасцель мая ,
І толькі ў Менску я цябе чакаю.
Табе інакшае імя знайду
У сне ці ў гістарычным фаліянце!
Забудзь ранейшую сваю бяду,
Пчаліным золатам скажы: іду…
Мелісаю з’явіся – у верандзе…
Нам дадзена апошняе, відаць:
І ў старасці, якая надыходзіць,
У вусны з вуснаў мёд перадаваць
І Менск, яшчэ савецкі ўспамінаць, --
Менск мёду ў 91-ым годзе!
Я ведаю: няма ў жыцці жыцця,
Калі жыццё пазбаўлена кахання…
Каханне – наша роднае дзіця,
Яно ўзышло з мядовага лісця;
Яно прыйшло з бясконцага вяртання.
21 лістапада 1999
* * *
З царквы ідучы дамоў,
Ты несла па Францысканскай
Кадзільны букецік дымоў
І сумку з ядою сялянскай.
У клопаце ні аб чым
Падумаў я без прынукі,
Што ў нашых цудоўных жанчын
Заўсёды занятыя рукі…
Мне простай здагадкі стае –
Дайсці да шчаслівага сэнсу:
Занятыя рукі твае,
Але не занятае сэрца.
Эрот, не шкадуючы стрэл,
І мне, і багам абвяшчае,
Што толькі ў спадарыні Эл
Занятым яно не бывае.
27 снежня 1999 г.