Julia Cimafiejeva (Юля Цімафеева)
Цела паэткі
Цела паэткі
Цела паэта належыць яго радзіме.
Абяздоленая зямля прамаўляе ротам паэта,
Вочы паэта бачаць несправядлівасць пакутаў,
А вушы чуюць крыкі нявіннай ахвяры.
Валасы паэта становяцца дуба,
Ногі паэта прарастаюць дубамі,
А далоні паэта сціскаюцца ў кулакі.
І ў яго жылах закіпае кроў:
як можна дапусціць столькі гора?!
Бясспрэчна, цела паэта належыць яго радзіме.
Хіба ўмее радзіма нешта сказаць без яго?!
Радзіма!
А ці трэба табе маё цела, цела паэткі?
У мяне такая ж гарачая кроў,
Рукі і ногі,
Вочы мае бачаць шмат і вушы чуюць,
І мой рот не меншы за рот паэта!
Маўчыш, адварочваешся?
Бо думаеш, ты такая, як я?
Ты не хочаш быць моцнай, радзіма,
Я ўгадала?
Ты хочаш, каб паэт сказаў за цябе,
Каб шкадаваў цябе,
Каб выціраў табе слёзы,
І ўсім пяяў,
як ты пакутуеш
і якая ты малайчына?..
Праўда, радзіма?
Але ты мяне не слухаеш,
Ты зноў скардзішся свайму паэту.
Цела паэткі табе не патрэбна.
І я забіраю яго сабе.