Ihar Babkou (Ігар Бабкоў)
ЗІМА
ЗІМА
На мапе — зіма. Сьцежка цябе вядзе
Пустым — праз адлегласьці — калідорам
Словаў. Замкнутай прасторы, дзе
Туга падаецца вечным маторам
Сэрца. А сэрца — сьляпы камяк —
Нібы іртуць, мацуе свае ўцёкі
Ў сусьветны холад, у якім, няўзнак,
Сон ашчадна хавае крокі.
Зімовы крышталь, схаладзелы розум, сон
Of mind, як сказаў бы Паўнд (?), ніколі
Сябе ня ўбачыць на мапе, ён
Вытворвае, вызначае, — паволі —
Схему маршруту, якую, хто?
Пройдзе, трымаючы дзіўнасьць сьвету
Ветла, як у “Лаўку” Вато
Увайшоўшы ў Харонаву Лету
Застанецца. На мапе зіма, блытаны час
Словы шукаюць сэнсу, нібы ў пустэчы
Вады. Не да акрас,
Празь сьценку — вечнасьць. На сьцюжы
затухлі сьвечы.
І апошні радок, сягаючы за далягляд,
Бязьлітасна і навосьлеп шукаючы слова,
Адчайна, усьцешана — прымае лад
Вечнасьці. Зімовага схова.