Leanid Dranko-Majsjuk (Леанід Дранько-Майсюк)
[Я стаміўся, я змарыўся,]
[Я стаміўся, я змарыўся,]
Я стаміўся, я змарыўся,
Я ўсю ноч раман пісаў.
Сіні золак запаліўся,
І аркестрык заіграў.
Дзеяслоўныя літаўры,
Меладыйныя грамы
З паэтычнае кавярні,
З рамантычнае карчмы.
Чатыры мандаліны
І скрыпачка адна,
Чароўныя хвіліны
Над келіхам віна.
Спявайце, мандаліны,
І, скрыпка, не змаўкай:
З вядомае прычыны
Адам пакінуў рай.
Я пісаў раман пра Лету
І напісанае рваў,
Выпадковаму сюжэту
Сваё сэрца давяраў.
Але гэтага сюжэта
Не ставала для жыцця,
І была каханка Лета –
Гераіняй забыцця.
Чатыры мандаліны
2
І скрыпачка адна,
Чароўныя хвіліны
Над келіхам віна.
Спявайце, мандаліны,
І, скрыпка, не змаўкай:
Прысутнасцю жанчыны
Тлумачыцца адчай.
Каніфольныя навіны,
Неспакойныя лады…
Ад капрызнае жанчыны
Столькі светлае бяды!
З пачуццёвае напасці,
Скрыпка, выведзі мяне…
Я – адзін, і гэта – шчасце,
Гэта – радасць удвайне.
Чатыры мандаліны
І скрыпачка адна,
Чароўныя хвіліны
Над келіхам віна.
Спявайце, мандаліны,
І, скрыпка, не змаўкай:
Калі я ў нечым вінны, --
Тады мяне карай.
7 лютага 2001