Leanid Dranko-Majsjuk (Леанід Дранько-Майсюк)
[Ты заставайся маёй і чужой]
[Ты заставайся маёй і чужой]
Ты заставайся маёй і чужой,
Я застануся тваім і чужым…
Дым Кальварыйскай плыве над табой,
І нада мною плыве той жа дым.
Наша цярпенне згубіла свой тор;
Наша цярпенне – тэатр закрыцця…
Як і раней, калыханкай ад зор
Ціха анёл суцяшае дзіця.
Ты авалодала мной, як струной,
Ды не пакінула ў сэрцы сваім…
Дым Кальварыйскай плыве над табой,
І нада мною плыве той жа дым.
Ноч – неспакоем аздоблены дол;
Дзень – супакоем аздоблены груд…
Плача дзіця, і гаворыць анёл:
“Слёзы ратуюць яго ад пакут…”
Свет аднаўляецца, як парфенон;
Сон выпіваецца, быццам віно…
Дым застаецца – празрысты палон
І Кальварыйскай празрыстае дно.
19 лістапада 2000