Andrej Chadanowitsch (Андрэй Хадановіч)
Пасьлямова
Язык: белорусский
Переводы:
немецкий (Nachwort), литовский (Baigiamasis žodis)
Пасьлямова
Ты занураўся ў сене, нібы ў Сене,
з цыганскаю красуняю Кармэн,
ёй недарэчна дорачы насеньне
й нічога не жадаючы ўзамен.
Пара зьбіраць плады, цяжар асеньні
узважваць, ды марнее твой бязьмен.
А ты ўсё прагнеш боўтацца ў басэйне
й мяркуеш, што дагэтуль супэрмэн.
Ты б мог сягнуць вышэй за піраміды,
але ў кампутары Сэміраміды
твой сад завіс яшчэ ў палеяліт.
Гадуючы жыгучку і дзядоўнік,
чакаеш, покуль зьявіцца садоўнік,
які націсьне «ctrl»-«alt»-«delete».