Hlieb Labadzienka (Глеб Лабадзенка)
* * * [паціху ўсё...]
* * * [паціху ўсё...]
паціху ўсё
па ці хурме
ці мандарынцы
кропля крочыць
сьнег быў -
і мы ў яго
турме
канвэртавалі
дні
на ночы
сьнег быў -
ён ведаў
свой расклад
ён ведаў
што чакаюць дзеці
раптоўны сьнегаў пераклад
гальля
у белыя суквецьці
на горках
зьмерзлыя насы
нагоды дачакалі мілай
ткаць ледзяныя паясы
адгэтуль -
і да небасхілу
сьнег быў -
хто б даў цяпер
яму ня быць?
хто зазлуе
на белакулі?
на голку
што любіла
ніць
на пчолаў
што любілі вулей
ды ўсе ж пайшоў
на галаву
не папрасіўшы нат
прытулку
і дворнік зранку
чэша вулку -
бы рыпае стары
ківун
шматкі аблокаў
рэшткі неба
сьнег -
моднік белы
насурочыў
мы ніцавалі
дні на ночы
сьнег быў -
была ў тым
патрэба