Ales Rasanau (Алесь Разанаў)
Цуд
Цуд
Рака разлілася і падплыла да самых
падворкаў, і рыба, якая раней не хацела
лавіцца ні ў якія хітрыя сеткі, цяпер сама
давалася ў рукі.
Нутром адчуваючы, што насампраўдзе
так не павінна быць, што гэта нейкае
ашуканства, людзі ў кашы, у мяшкі, у начоўкі
паспешліва набіралі ахвотнай, быццам
сп'янелай, рыбы, што не знаходзіла месца
сабе ў вадзе.
I сам я, выпхнуты з чыстых глыбокіх віроў
на паверхню, курчуся разам з астатнімі
рыбінамі ў пакутах, усёй сваёй безгалосай
істотаю крычучы: »Людзі, глядзіце, глядзіце,
людзі, калі набліжаецца згуба, яна пасылае
перад сабою цуд.«