Volha Hapeyeva (Вольга Гапеева)
чорная яблыня
чорная яблыня
раніца пачынаецца з перакладу імёнаў
людзей
якіх расшукваюць паліцыя, родныя, нейкія службы
у суседняй краіне вайна
але як заўсёды тэрміналогія ў кожнага боку свая
усё што я ведаю пра гэтых людзей – дата іх нараджэння
і з ліста ў ліст якія перакладаю цягнецца невядомасць
як калі трэба трываць і не ведаеш колькі яшчэ
і раптам
месцазнаходжанне асоб устаноўленае
а потым
дадатак – даведка аб апазнанні цела
і невядомасць з бязважкай, з туману робіцца чорнай яблыняй
столькіх я пахавала ў сваіх перакладах
стаяла каля маці і бацькі, каля мужа і каля каханай
сыходзіла каб праз дзень пагрукаць у іншыя дзверы
і глядзець як на тварах з’яўляецца зморшчына нявер’я і гневу
апазнаныя целы і неапазнаныя душы
допіс аб смерці – як правільна перакласці?
і вось я ў турэмнай каморцы пішу ліст
і вось у траншэі расчытваю почырк
перадайце цёплых шкарпэтак і шахматы
ваш сын
2017
я спусціўся на дно,
смерць – дык смерць,
але каб хоць з невялікай славай памерці
1942
а я думаю, хто гэта слава
што яна робіць з сэрцам
надае сэнсу той бессэнсоўнасці што вакол
быццам усё было не дарма
мужайцеся і суцяшайце сябе думкай
што справа за якую змагаўся ваш муж
– справа вызвалення радзімы
1945
лепш было б каб нас зусім забіла
анеж от так пакутаваць
Олена, Камянец-Падольскі
1941
пісаць ліст і спадзявацца на ўзнагароду
пісаць ліст і хвалявацца ці дайшлі грошы
пісаць ліст і не ведаць што ён апошні
або пісаць і ведаць
дзякуй Зіначцы за фотакарткі, праўда адно мне не падабаецца,
тое, што яна пафарбавала вусны, да таго ж неахайна
1941, Кіеў
каляды прайшлі ў траншэі,
але ў мяне быў кавалак пудынгу
таму я не мушу бурчаць
1914, Эдвард
цяжка быць жанчынай адной у палку,
спім у агульнай зямлянцы,
сушымся ля адной печкі.
нагавіцы і боты не па памеры
Марыя, 1945
трываць як усе
выкладвацца нават болей
думаць, што ты герой як і кожны
а потым маўчаць што была там, хаваць медалі
бо ніхто не падыдзе да ваеннай дзяўчыны
“ведаем як тыя медалі ты заслужыла”
і тое, што ёй адрэзалі ногі,
і тое, што боль трывала нясцерпны
і што не баялася адмаўляць камандзіру
не лічыцца
і я думаю, а што лічыцца
спаць з маладымі медсёстрамі?
абрухаціць баявога таварыша?
або гвалціць дачку ворага?
ордэн табе не дадуць
калі сумняешся ці варта страляць
калі спачуваеш і сваім і чужым
калі топіш сваё дзіця каб выратаваць астатніх
калі клапоцішся пра чужога мужа
калі вешаешся на яблыні чорнай
у імя маці дачкі і святой душы