Vital Ryzhkou (Віталь Рыжкоў)
Святая праўда
Святая праўда
Сёння, Божа, іконы твае смяяліся.
Праваслаўны бацюшка Міхаіл Царквы Трох Свяціцеляў
за стырном у нецвярозым стане спынены супрацоўнікам ДАІ
(зусім яшчэ маладзенькім, па вайсковых панятках — духам);
з Ленінскага РАУСа — як добра, што ён недалёка, —
выкліканая на асведчанне камісія з двух міліцыянтаў,
бацькі і сына.
бацюшка Міхаіл кляне ўсіх трох імем Госпада
бацюшка Міхаіл абяцае ўсім гарачыя пуцёўкі ў Пекла
бацюшка Міхаіл адчувае сябе святым дамкратам
ён бярэ загрудкі міліцыянта і ўздымае яго бліжэй — да Бога.
таму складаецца ўражанне, што ён не хоча ў аддзяленне
вялізны святар трасе барадой
бамбіза-святар не дае начапіць кайданкі
супрацоўніка царквы ледзь запхнулі ў машыну
урэшце едуць
бацюшка Міхаіл прызвычаіўся на пярэдніх месцах
бацюшка Міхаіл адчувае няёмкасць
бацюшка Міхаіл прасоўвае нагу ў пярэднюю частку машыны
і пі..дзіць, пі..дзіць ёй кіроўцу і пасажыра-міліцыянта,
нялюбых сыноў праваслаўя, клятых анафемскіх вырадкаў
машына спыняецца
бацюшку звязваюць ногі скураным рамянём
машына едзе да аддзялення
зрэшты, тое, што было далей, зразумела і нецікава
вобшук, допыт, складанне актаў
бацька, сын і дух-даішнік і іх адзіная воля і справа — любоў
і званок, каб хутчэй прыпынялі справу і ўсё забылі, ад некага зверху
дзякуй, Божа, за слёзы ад смеху,
за жыццё і любоў, за свабоду і праўду
за званы Падніколля і Царквы Трох Свяціцеляў
за своечасовыя тэлефанаванні зверху