Julia Cimafiejeva (Юля Цімафеева)
не кіно
не кіно
Маленькай
я нават думаць баялася
пра фізічныя катаванні,
ужо не кажучы пра тое,
каб іх бачыць.
Закасаны па локаць
рукаў гімнасцёркі,
бізун,
нагайка, дручок ці палка
ў руках.
Белыя
напятыя
мускулы
прагнулі ўдару,
шалам ашчэраныя
чорныя пашчы
аўчарак
шукалі спажывы.
І калі на экране
рука ўздымалася над бедаком,
прыкутым да крэсла,
калі люты сабака рваўся наперад,
раскрыўшы зубатую ляпу,
калі адпускалі курок аўтамата,
нацэленага на бяззбройныя постаці
ў снезе
і з тэлевізара неслася
няўмольнае тра-та-та-та,
я з крыкам выскоквала
за дзверы,
заплюшчвала вочы,
закрывала далонямі вушы,
і, упаўшы на ложак, спрабавала
адплакацца і аддыхацца
ад страшных непабачаных
карцін.
Часам мне хлусілі
са шкадавання:
гэта ж толькі ў кіно.
Але я адчувала падман --
так шмат
было гэтых фільмаў,
так шмат
было гэтых кніг.
Ідзі і глядзі.
Сядай і чытай.
Каб ніколі зноў.
І вось я зноў
сяджу і гляджу,
не разумеючы,
чаму адзін чалавек
наўмысна чыніць боль
іншаму.
Я чую, брэх
раз’ятраных аўчарак
я бачу ўзнятыя рукі карнікаў.
Я выскокваю за дзверы
краіны.
Але гэта кіно ні пераключыць,
ні выключыць.
Наперадзе бясконцыя снягі
і чорная паласа
далягляду.
люты 2021