Maryja Martysievič (Марыя Мартысевіч)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (5)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (5)
(урыўкі з інтэрнэт-дзёньніку ~barbara_r)
Ну вось і ўсё – сякера пры камлі.
Па жылах разьліваецца атрута.
Мне роспачна, нібыта на зямлі
ля кожнага прысаду вяне рута.
Ля ложку распачатае чытво -
адно недачытанае каханьне.
Сьвет – кніга, й крыўдна пакідаць яго,
спыніўшы на сярэдзіне чытаньне.
Цікава, ці наведаюць браты
хоць раз, калі пліта прыцісьне грудзі?
Бо ён, які ня прыйдзе да пліты,
на жаль, мяне ніколі не забудзе.
Ну вось і ўсё – Гасподзь націснуў Shift.
Далей – лягчэй. Больш не пужаюць мукі,
нібыта мама пры ўваходзе ў ліфт
абачліва бярэ з вазка на рукі.
І аўтабан, зіхоткі ад імжы,
Заблытвае дзясяткам вострых брамак.
– Прабачце, як даехаць да мяжы?
– Зьезд на Галгофу. Гродзенскі напрамак.
– Dzień dobry.
Rajska stzaż graniczna.
Proszę państwo przygotowić paszporty,
otwożyć je na zdjęciach.
– Мамачка, а чаму
яны кажуць “Дзень добры”?
Зараз жа цёмна і ноч.
– А ў іх, дачушка, заўсёды,
бы ўдзень, сьветла.
ракаў 8 траўня 1551 г.