Andrej Chadanowitsch (Андрэй Хадановіч)
*** [Цемра, вецер і сьнег]
*** [Цемра, вецер і сьнег]
***
Цемра, вецер і сьнег.
Студзень загнаў у кут.
Хто захацеў – зьбег.
Хто не хацеў – тут.
Не выбіралі радзім.
Проста – месца і час,
дзе ў бяздоньне глядзім,
а бяздоньне – у нас.
Дзе ў папяровым лісьце –
скрэсьленыя тамы,
дзе завіруха мяце
пад фанаграму зімы.
Крапае страхам ноч,
кратае вокны стынь,
кажа сьмеламу: „збоч“,
кажа ўпартаму: „кінь“.
Селіць у сны кашмар,
топіць сьвятло ўначы,
марнасьці ўласных мар
не разумеючы.
Як патлумачыць тым,
зь ядавітым хвастом:
той, хто будуе дым,
больш не збудуе дом.
Як ні катуй дзіця
ў страшнай казцы айчым,
наша казка жыцьця
скончыцца ясна чым.
Дыхай на пальцы зімы,
покуль сонца ў грудзях.
Над мурамі турмы
заўтра вывесяць сьцяг.