Leanid Dranko-Majsjuk (Леанід Дранько-Майсюк)
[Люблю адзіноту,]
Idioma: bielorruso
Traducciones:
alemán ([Ich liebe die Einsamkeit,])
[Люблю адзіноту,]
Люблю адзіноту,
Люблю адзіноту – скразную,
Як рана былой маладосці…
Люблю адзіноту,
Люблю адзіноту, якую
Сам Бог запрашае мне ў госці.
У той адзіноце
Гучаць клавесіны і флейты,
І цешацца добрыя эльфы;
Паэт закаханы
На дне беларускае мовы
Шукае пяшчотныя словы.
Той дзень блаславёны,
Калі вас ніхто не турбуе
Ні добраю весткай, ні злою;
Той дзень блаславёны
Дае адзіноту, якую
Заўсёды прымаю душою.
28 студзеня 2001