Anatol Ivashchanka (Анатоль Івашчанка)
Гара Рацыі
Гара Рацыі
...Мой Вораг жыве за межамі гэтае зімы. У яго безьліч імёнаў і безьліч абліччаў. Скрозь усе цыклы ўвасабленьняў доўжыцца наш двубой.
Яго прыстанак – гара Рацыі, якую мне не агораць. У яе міфрылавым зьзяньні адбіваецца возера Дабрачыннасьці.
Яго празрыстае цела гайдаецца над ранішнім лесам на нябесных арэлях, што зьвісаюць з распоратай срэбнай хвалі звонкімі нітамі сонечных промняў.
Спрабую наблізіцца, намагаюся зазірнуць у ягоны твар. Блюзьнерская ўсьмешка маланкі наўсьцяж разрэзвае неба. Ірвуцца ніты арэляў. Працяты вяршалінамі, ён сьцякае на брук, дзе зьмешваецца з крывёю ды ванітамі горада.
(Стаю адзін пасярод залевы. Пад сьмехам нябёсаў. Той-хто-шукаў-сьвятло.)