Andrej Chadanowitsch (Андрэй Хадановіч)
[час перайсьці ад словаў да явы]
[час перайсьці ад словаў да явы]
час перайсьці ад словаў да явы
раяць курцы і матацыклісты
толькі прыходзіць сон мой яскравы
зыркія словы ў золак імглісты
ён наплывае нібы знадворку
покуль чуйную ў вадах і хібах
распачынае зьліва гаворку
першыя кроплі граюць на шыбах
дэсантавацца ў сярэдзіну зьлівы
высьніўшы словы выславіць сон
кінуўшы вонкі ў горад дажджлівы
свой параплаў парашут парасон
недзе на біржах падаюць баксы
недзе на ладан дыхае ўсама
менскаю зьлівай дыхаюць таксы
мокрыя таксы
й таксісты
таксама
толькі ўмыкнеш электронны папірус
вецер ляціць шалапутны і файны
як найнавейшы кампутарны вірус
кружыць над местам усе твае файлы
марна шукаеш маркі й канвэрты
марна чакаеш паслуг інтэрнэту
сеціва ўрыўкі лятуць у паветры
пазачарговае бабіна лета
сьпелячы словаў смачныя сьлівы
дыхаеш воляй пад рэбрамі коле
дыхаеш зьлівай дурань шчасьлівы
мроячы не прачынацца ніколі