Maryja Martysievič (Марыя Мартысевіч)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (4)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (4)
(урыўкі з інтэрнэт-дзёньніку ~barbara_r)
Мы жылі, як ніколі ня сьмелі:
ўставалі а шостай ці сёмай,
йшлі ў касьцёл раніцою нядзелі,
а вечар бавілі дома;
на паўднёвым гаўбцы
з маленечкай косткі расьцілі
дрэва цытрыну,
мы чыталі пра дзіва Ян-Цзы,
і хацелі ў далёкую Чыну;
мы гулялі ў дзіцячыя гульні –
хаваліся ў нішы й чакалі знаёмыя крокі...
А яшчэ мы зрабілі літоўскія візы
і езьдзілі
ў Вільню і Трокі.
Мы сачылі, як траўны прастор
нараджаецца з марцаўскай слоты,
абжывалі мурог і чабор,
але болей любілі балоты –
заблукаць і на хісткім лужку
абдымацца і думаць, што ўсё,
і маліць пра агеньчык у цемры,
і цешыцца хутарскім зыкам...
А яшчэ мы ляцелі 200 па трасе
і бачылі ўсход
над Балтыкам.
Мы хадзілі у горад, у крамы,
глядзець на заморскіх тканінаў сувоі,
мы любілі ля Слуцкае брамы
зь дзядкамі
зацяцца пра Польшчу зь Літвою,
альбо крыкнуць на рынку імя
і загадваць, хто азавецца...
А яшчэ мы слухалі ў цішы завулкаў,
як б’ецца
маленькае сэрца.
Мы былі між людзей – і адны,
бы стары францыскан
па-за кляштарным мурам;
бацькаў парк залацеў дзень пры дні
халадзеў
і брыняў верасьнёвым глямурам,
вецер з захаду нёс напамін
пра сьвякруху,
вачэй ейных сьлізкія стронгі,
сукенкі Versace і піцу...
А яшчэ мы складалі ў піўніцу
шэзлёнгі,
каб ехаць
на зіму ў сталіцу.
Нясьвіж, лета 1550 г.