Maryja Martysievič (Марыя Мартысевіч)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (2)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (2)
(урыўкі з інтэрнэт-дзёньніку ~barbara_r)
Я стаяла з ключамі
на ганку вялізнага дома,
я здавала каморы і клеці
яго аканомам.
Калі ён увайшоў,
мяне як абдало варам.
А ён сказаў,
што чорнае мне да твару.
Я ня мела чым дыхаць,
нібы на высокіх стромах,
ледзь адказвала пра надвор’е
й агульных знаёмых.
Крумкачы кахаліся ў нішах
і каркалі звонка.
А ён сказаў,
што ў яго дома хворая жонка.
Я выходзіла вонкі
й бязмэтна блукала ў парку,
раптам страчвала сон
і чытала начамі Пэтрарку.
Мне было яшчэ да Раства насіць
жалобу па мужы,
А ён сказаў,
што я пекная, і падарыў ружу.
Я ня чула, аб чым разважаў
за абедам пробашч,
я баялася ўзьняць вочы
і клала далонь побач.
У шыбы пяшчотна грукалі дзюбамі
крумкачы.
А ён сказаў,
каб не замыкала спальню ўначы.
Геранёны 1542 г.