Альгерду Б.

Паміж намі слова.
Я маю ў роце яго пачатак,
а ты – яго канец.
Слова – гэта паветраная рыба.
Мы зубамі ўчапіліся ў яе
і адпускаць не хочам.

Слова лёгкае
і робіць лёгкімі нас.
Вецер падымае рыбіну слова
і нясе, як па цячэнні,
у чужыя сказы,
у чужыя тэксты.
Слова віхляе хвастом
у цябе ў роце,
глядзіць не міргаючы
слізкімі вачыма ў маю глотку
і паддаецца парывам.

Нашы целы не адарваць ад слова,
не расхінаючы вуснаў,
не расціскаючы сківіцаў,
не бачачы языка адно аднаго,
мы спрабуем гаварыць паміж сабой,
а паміж намі рыбіна,
якую мы не можам выпусціць,
слова, якое мы баімся вымавіць,
вобраз, які мы не хочам
цалкам асэнсаваць.

Але калі мы адпусцім
рыбіну на волю, ці выжыве яна
і ці паразумеемся мы?

© Юля Цімафеева / Julia Cimafiejeva
From: Цырк (Circus)
Minsk: Zmicier Kolas, 2016
Audio production: Belarusian PEN Centre / Dmitry Ivanov