Valzhyna Mort

belarusian

 

* * * [На ўсім чым магла я вузлы завязала]

На ўсім чым магла я вузлы завязала
Без вузла толькі шыя мая і самота
Птушкі зглазілі неба і неба лізала
Пер’е аблокаў да белай ікоты.

Зноў папруся з табой не любіць свае словы
Свае думкі працягваць у іголчына вушка
З пунтку А у пункт Б не ідзе а ні сукі
Усьміхайся аднак – раптам выляціць птушка.

Быццам бы караблі з цёмнай гавані
Рукі выходзяць з кішэняў
І праводзяць працэс пагашэньня сустрэч
Канвэртацыю думак
Я шукаю галіну
мне вузел вязаць ёсьць патрэба

Мабыць
Я скіну цябе зь дзевятага неба
А я скіну цябе з восьмага неба
А я скіну цябе зь сёмага неба

Скідай…

© Вальжына Морт
Audio production: Belarus PEN-Centre