Valzhyna Mort

belarusian

 

* * * [Не прислоняться!]

Не прислоняться!
Я – дзьверы ў вагонах мэтро.
Не прислоняться!
Моўчкі трымайце ў ахапках
і думкі і справы.
Я на наступным вазьму й адчынюся направа.
Стоп! Вам далей!
А на гэтым сыходзіць Варрава.
Я за шчакой яго позірк насіла бяз кпінаў.
Я па вушных лябірынтах Варраву вадзіла.
Ён жа складаў кубік-рубік з маіх успамінаў,
і я галавой упіралася
ў безвыходнасьць.
А я ўпіраюся ў безвыходнасьць нібыта
ў дзявочую цноту, пляву і іду па тым лёдзе,
і прагну зваліцца ў ваду,
гучна крыкнуўшы – годзе!
І зноўку заўсёды знаходжу ўваход
у безвыходнасьць.
Так – не прислоняться!
Я – дзьверы ў вагонах…
Я – дзе вы?…
Зьенчылі і зашапталі прагаліны моваў.
Я разразаю жывот вамі згубленым словам
і доўга вымаю адтуль
пацукоў і пачуцьці.

© Вальжына Морт
Audio production: Belarus PEN-Centre