Kryscina Banduryna (Крысціна Бандурына)
*** [Звыклае знікла]
*** [Звыклае знікла]
Звыклае знікла.
На месцы звычайнага пуста:
тлустым прочыркам
імёны і прозвішчы —
крэсляць з затоенай злосцю,
схаванай нянавісцю.
Нам з імі цяпер не па гэтай дарозе.
Арфей растрывожана блытае павароты.
А хто ты? — пытае люстэрка. — Хто ты
ва ўсёй гэтай так і не скончанай
санта-варварскай казцы?
Яны па ўказцы зверху
страляюць у спіны
гумовымі феерверкамі і агнявым канфеці.
Куды тут ісці, мілая Эўрыдыка, скажы мне,
куды тут ісці?
*
Зніклае звыкла —
хто вораг, хто свой.
За паваротам учарашні герой
ашчэрыцца, драпане.
Каго б насамрэч мне й баяцца —
дык толькі мяне...
Морак і золак, адчай і святло.
Беспакаранасцю душыць вялікае зло.
Бессань, бяссілле, гнеў і спакой —
я засынаю з імі, але не з табой,
трохлікай багіні водбліск.
Вера і подласць, вырваныя крыжы.
Вастры нажы, — шэпчуць. — Бі ці бяжы.
Надзеі не выжыць, калі забіваюць свае.
І таму ён б'е:
тут кожнае ліха, што супраць любові, —
гэта яго загад.
Так што бяжы, мая незабыўная Эўрыдыка,
і не глядзі назад.
06.11.2020