Kryscina Banduryna (Крысціна Бандурына)
*** [Запомні гэты чырвоны год, мама]
*** [Запомні гэты чырвоны год, мама]
Запомні гэты чырвоны год, мама.
Кроў Белага кітайскага быка цячэ ў сэрцах
зняможаных нашых гарадоў.
Сігнальныя ракеты смерці
выбухаюць салютам у гонар
згвалтаванай перамогі.
Наша мінулае перастала існаваць учора,
і я яшчэ не паспела знайсці
месца, дзе мы яго пахаваем.
Сметніца гісторыі будзе помнікам
гэтаму часу,
а хвіліна маўчання — такой доўгай,
што мы паспеем аглухнуць
ад стрэлаў маланкі ў горах
цяжкіх траўм.
Я сёння не плачу, мама,
толькі таму, што іх спадзевы
і малітвы помсліваму богу гвалту
даюць сілы маім памерлым
прыходзіць у снах,
стаяць за маёй спінаю,
набліжаць час заканчэння
крыві і плоці,
час віна і хлеба.
18.05.2021