Michas Skobla (Міхась Скобла)
ЗА ІМГНЕНЬНЕ ДА ВЯРТАНЬНЯ Ў ГЭТЫ СЬВЕТ
Language: belarusian
Translations:
german (EINEN AUGENBLICK VOR DER RÜCKKEHR IN DIESE WELT), lithuanian (AKIMIRKĄ PRIEŠ MAN GRĮŽTANT Į ŠITĄ ŠVIESĄ)
ЗА ІМГНЕНЬНЕ ДА ВЯРТАНЬНЯ Ў ГЭТЫ СЬВЕТ
Я пакінуў каханую.
Магілы родных.
Забіў дошкамі храм сваёй веры.
Адпусціў на волю ўсе вятры,
даверыўшы ім
родныя песьні,
баёвыя гімны,
старадаўныя замовы
і запаветныя пацеры,
якія калісьці ведаў.
Кінуў у багну похвы ды меч.
Аддаў на забаўку малым
дзедаву сявеньку
і пайшоу
...у апраметную, — здагадаліся адныя.
...да пана Бога, — мовілі іншыя,
каб ніколі не вярнуцца,
бо заўсёды
за імгненьне да вяртаньня ў гэты сьвет
я абавязкова згадваў,
што ў ім
мяне чакае толькі радзіма,
адчуваючы з жахам,
што нават гэтага
для мяне недастаткова...