Maryja Martysievič (Марыя Мартысевіч)
Yhvh.by
Yhvh.by
[На Беларусі Бог жыве… У.Караткевіч]
[В деревне Бог живёт не по углам… І. Бродзкі]
Курган і дарога, і берагі два ў ракі.
Прывезла Табе цяльняшку – бяры й насі,
мой колісь магутны сівенькі Божа, які
у пэнсыйным узросьце пасяліўся на Белай Русі.
Мой пастаральны Госпад - сьціплы пчаляр,
рой вясковых турботаў у яго галаве:
зьдзейсьніўшы найсаладзейшую зь існых мар,
ён у слоікі мёд ліе і бароніць вульлі свае.
Госпадзе, Ты сплятаеш цыбулю ў вянкі
і пчолак, цалуючы, садзіш сабе на язык.
Даруй нам занятасьць сабой і імпэт гарадзкі,
як даруем і мы невяртальнікам нашых пазык.
Даруй нацыяналісту, каторы кажа: перадусім
Мова, і лёзунгам глушыць зумканьне пчолаў тваіх:
ён тут і такім нарадзіўся, зрэшты, мы ўсе вісім
на гэтым, хоць і не зьбіраемся больш за траіх.
Даруй фэміністцы, каторая кажа: усе мужыкі
казлы, й канкуруе зь нябёсамі сіньню сваіх панчох.
Даруй ёй, хаця, магчыма, я і сама з такіх:
Ты не крыўдуй на дурніцу, мой патрыярхальны Бог.
Даруй антыглябалісту, каторы зь дзіцячай рукі
вышыбае бляшанку колы і гамбургер топча двайны.
Даруй нам усім, бо гэта не на вякі,
гэта на пару хвілін да пачатку вайны.