Volha Hapeyeva (Вольга Гапеева)
[вычытаць гэты сьнег]
[вычытаць гэты сьнег]
вычытаць гэты сьнег
да канца
каб ніводнай памылкі не засталося
калі будзе ён паміраць
наталяючы смагу эмансыпацыйнай зімы
вынесьці на палі птушак чырвоных
каб дзяўблі яны глебу што камянём застрае ў горле
і глытай не глытай
сінія вусны да жыцьця не вярнуць мне
або ня вернуць,
я - нескладовая перад націскам
а дакладней – назоўнік жаночага роду з асновай на ”г”
і таму калі мяне праскланяць...
-дык Вы будзеце што-небудзь браць?
-..цукеркі...
множны лік мае свае перавагі
аднак ёсьць словы якія нельга пісаць разам
таму ў скрайніх выпадках я пішу сябе праз злучок
трымаючы пад паліто
букеты ружовых і жоўтых
мяккіх знакаў
каб паслабіць тваю цьвёрдасьць
але
ты не выключэньне
а я ня правіла