Kryscina Banduryna (Крысціна Бандурына)
*** [Тваё першае лета, якое помніш]
*** [Тваё першае лета, якое помніш]
Тваё першае лета, якое помніш:
саламяныя валасы, вострыя каленкі,
палова цела абадраная —
так ты вучылася лазіць па дрэвах.
Чорная мякаць вішань,
вялізныя яры і схілы,
дзікія трускалкі, недаспелыя арэхі,
захраслы на 14-м ліфт.
«Выходзь!» —
крычаць сябры пад балконам.
«Мам, я на вуліцу», —
ляціш гуляць у хованкі і вышыбалу
на ўвесь дзень,
да цёмнага-цёмнага вечара.
Вяртаешся дадому галодная, мурзатая,
але шчаслівая.
Мама рэжа кавун — сакавіты, духмяны,
пахне на ўсю кватэру.
Ліпкія пальцы выціраеш аб шорты
(да, ты яшчэ носіш шорты).
Бабуля бурчыць:
«Будзеш сціраць сама», —
развешваючы над плітой
паўзункі малодшага ўнука.
У цябе ўжо ёсць брат.
Тваё самае яркае лета:
зялёнае покрыва
вялікага мяккага ложку,
расчыненае ў спякотную ліпеньскую ноч
старое драўлянае акно,
пафарбаванае ў белы.
Чужы, невядомы пакуль яшчэ горад.
Ні дома, ні працы, ні месца,
дзе можна застацца.
Усе дарогі адкрытыя,
усіх аднолькава баішся.
Бабулі ўжо няма,
мама вучыцца жыць
пасля смерці мужа,
старыя сябры сталі чужымі,
брату далі першы «тэрмін».
«Пайшлі гуляць», — піша дзяўчына,
якая страшна табе падабаецца, —
і для цябе нічога больш не існуе, акрамя яе.
Чацвёртая раніцы.
Вусны — як лініі электраперадачы.
Вяртаешся стомленая, перапоўненая, шчаслівая
і доўга не можаш заснуць.
Тваё самае трывожнае лета:
вуркатанне галубоў на падаконні,
запоі суседа-міліцыянта,
антысептык і маскі,
бутлі, бутэлькі, слоікі вады,
чэргі, подпісы, петыцыі,
лістоўкі, скаргі, тэксты.
«Мяне гэта не хвалюе», —
гаворыць мама за дзве сотні км
ад месца падзей.
Брат з другой «хіміі» піша:
«Будзь асцярожная».
Малодшы скончыў школу.
«Выходзь!» — гудзе інтэрнэт,
і ты дасылаеш сябрам інструкцыі:
- калі затрымаюць;
- калі пасадзяць;
- калі заб’юць.
Цалуеш дзяўчыну, якую ніколі б
не адпускала,
і хочацца толькі аднаго:
вярнуцца —
галоднай, стомленай, мурзатай,
але шчаслівай —
і паўтарыць яшчэ.
08.08.2020