Vera Burlak (Вера Бурлак)
ТАВАРЫШ ЗЕ
ТАВАРЫШ ЗЕ
Нам так сьпяваў таварыш Зе:
Хай згіне самаўладзьдзе лёсу,
Няхай на касьцяной назе
Бабулькі скокаюць зь нябёсаў.
Я сонцам выплыву ў акне,
Зазьзяю полымем на ганку.
Я мэнэстрэль – дык стрэльбу мне
І танк, каб танчыў я на танку!
Паўстань, маэстра, не памрэш!
Якім на лаве ты маэстрам!
Маэстра, ну! Маэстра, ўрэж
Санату для гармат з аркестрам!
А вы, як мой кардэбалет,
Ля сьценак уставайце ў шэраг,
Бо куля – мост у іншы сьвет,
На сьветлы і высокі бераг!
Так гаварыў таварыш Зе,
І вочы сыпалі маланкі,
І з брамы крамы Эм Тэ Зе
Па трасе грукаталі танкі.
І па нябёсах зь Мінска-два
Ляцелі стройныя эскадры,
І зь неба майская трава,
Як маскхалат, ляжала ў кадры.
Як на парадзе, выйшлі ўсе,
Блішчалі валасы ад смальцу,
Бачней каб. А таварыш Зе
Cтраляў па іх…
на шчасьце, з пальца