Julia Cimafiejeva (Юля Цімафеева)
паслядоўнасць
паслядоўнасць
1
а пасля
яны елі клубніцы з малаком
пасыпалі іх цукрам і лыжкай лавілі
пунсовыя цвёрдыя цельцы
ягад у жоўтых радзімках зярнятаў
а перад гэтым…
а пасля на алавяных лыжках
клубніцы
ляжалі як дзеці
ў белых пялюшках
малака
сцішаныя і малыя
а перад гэтым…
а пасля
яны раскрывалі вусны
яны расшчаплялі зубы
яны клалі клубніцы з жоўтымі зоркамі
зярнятаў у яміны ратоў
а перад гэтым…
а пасля
яны рухалі сківіцамі
слодыч сачылася пад язык
чырвань цукровага соку
сцякала ў глотку
рука замірала на імгненне
і ажыўшы зноў цягнулася
да збялелых ягад
сканчаўся доўгі ліпеньскі дзень
а перад гэтым… а пасля
а перад гэтым… а пасля
2
Калі я прыбыў на месца,
ужо была выкапаная вялізная яма,
гэта мог быць стары супрацьтанкавы
роў.
Да ямы іх вялі групамі па 15 чалавек
і выстаўлялі ў шэраг тварамі да стралкоў.
Было загадана, каб адзін стралок
цэліў у грудзі, а другі адпаведна
ў галаву.
Калі сёння ў мяне пытаюцца
пра іншыя дэталі, мушу сказаць,
што, акрамя гэтай паслядоўнасці,
пра той дзень я больш нічога не памятаю.
Па вяртанні з задання я бачыў, як
салдатам 2-га ўзводу на вячэру далі
клубніцы з малаком.
а пасля