Michas Skobla (Міхась Скобла)
НЕМАЧ
НЕМАЧ
Тысячы рук не даюць ім штодзень спакою,
тысячы ног марна намацваюць парог –
няма дзе спатыкнуцца.
Тысячы позіркаў,
як матылькі ў заваконьні,
б’юцца аб пругкія шыбы –
як тут пазьбегнуць суроку?
Апаўночы
яны адчайна стуляюць натамлёныя крылы,
але дарэшты выстуджаную падземную стадолу
да раніцы праймаюць дрыжыкі.
Рана-раненька выбухне помста,
і сотні людзкіх размоваў
будуць прышчэмленыя на паўслове;
і кожны прасталюдзін думацьме,
як прасьлізгнуць незаўважаным.
І зноўку тысячы рук,
не знайшоўшы прывычнае клямкі,
хапаюць і тузаюць,
тузаюць і хапаюць.
Ды не рыпяць дагледжаныя завесы,
і ніхто не пачуе іх даверлівых скаргаў.
Ды няма аб што бразнуцца,
каб пасыпаўся тынк са сьцяны,
каб пахіснуліся вушакі,
каб спыніўся спалоханы запозьнены цягнік.
У два бакі адчыняюцца
дзьверы ў мэтро.