Michas Skobla (Міхась Скобла)
МОСТ
МОСТ
Стомленая мурзатая дарога
з-пад гумовых колаў,
з-пад бязьлітасных вострых капытоў
бясконцых калгасных статкаў,
што кожнага дня
брылі па яе шырокай сьпіне
да небакраю,
з-пад нядрэмнай аховы
тэлеграфных слупоў,
якія трывожна гулі,
калі яна спрабавала
выбегчы на зялёнае поле,
з-пад заркападу,
які штоночы
дагараў на яе шэрым прысаку,
варушачы старыя ўспаміны,
хацела ціха апусьціцца ва ўлоньне ракі,
пяшчотнае і чыстае,
але
пад яе змучаныя бакі
падлезьлі магутныя бэтонныя стаўбуры,
адпіхваючы ўверх,
далей ад сьветлае журлівае плыні,
а лева-
і праваруч
паўсталі ўзорныя,
аблямаваныя пафарбаванымі балясінамі,
ды ўсё ж такі
краты.
Недасягальная
кліча
рака.