Valzhyna Mort (Вальжына Морт)
* * * [і быццам бы я шарык]
* * * [і быццам бы я шарык]
і быццам бы я шарык
у барабане спортлато
выкручваю сальты
і танчу
хуткі факстрот
і нейкім задротам абвешчана
внимание: выпал шар
і быццам ніколі ў вечнасьці
мой шарык не выпадаў.
і дзе мне дзецца ад вернасьці
упартай як гемарой
таго хто за крок ад беднасьці
ўсё ставіць на нумар мой.
і сочыць вачыма беднымі
за шарыкамі пад шклом
нібыта за бурай белаю
зімою за акном.
і пакуль барабан мой круціцца
і пакуль не сышоў у прастой
мне стаць да маразму хочацца
сьвінцовай сваёй сястрой.
каб выскачыць нечаканаю
у срэбнай сукенцы –
вольная!
і нехта зачараваны
схавае мяне пад сэрцам
і пераапране ў чырвонае.