Julia Cimafiejeva (Юля Цімафеева)
гульня ў памяць
гульня ў памяць
Ад сябра і аднавяскоўца
дзед атрымаў у падарунак
самаробную копію
свайго пакінутага дома.
на шырокай як поле далоні
ільсніцца золатам
саломы
дом
у глыбокіх разорах далоні
некалі спела жыта пшаніца ячмень
жоўты бурштын кукурузы
цёплая яшма бульбы
пчолы
гушкаліся
на канюшыне
тоўстыя губы коней
уздрыгвалі
ад козыту пырніку
цяпер
на парэпанай ссохлай далоні
толькі дом:
сцены
кардонная скрынка
дзверы
выразаныя з паперы
вокны блішчаць
пакамечанай фольгай
на выпрасаванай
саломе даху
праступае клей
Фенікс
у гэтыя дзверы не ўвайсці
у гэтыя вокны не зазірнуць
дом гэты -- цацка
якую нельга даваць дзецям
дарослая цацка
для гульняў
у памяць
белы гадзіннік
дзедавай галавы
адлічвае
за месяцам месяц
засыпаюць падлогу
сняжынкі
састрыжаных
валасоў
зімнія дзедавы вочы
неадчэпна ўзіраюцца
ў бляклую копію
кінутай хаты
сухія дзедавы думкі
хаваюцца ў цень
сіняга
летняга
ганку