Kryscina Banduryna (Крысціна Бандурына)
*** [Гавару яму: ведаеш, не мая]
***
Гавару яму: ведаеш, не мая.
Я старалася як магла, але што ёй з маёй душы?
Божа, я чую, як дыхае гэта зямля
ўначы, поўнай мораку і імжы.
Мы з ёй столькі год на мяжы,
мы — столькі бясконцых шасэ і трас,
столькі зношаных ботаў, праколатых шын...
"Бяжы", — гаворыць ледзь не штораз,
калі мне не хапае жадання тут жыць.
І не адпускае, трымае, глядзіць на мяне,
вось як ты глядзіш зараз на свой на абраз.
Я ведаю першыя зоркі і воўчыя ямы яе,
карані яе зла і любові агмень,
я — нібыта Антэй: мне яе не стае,
каб стаяць і трымацца.
Вяртаюся. Гэта мае
птушкі, і рыбы, і гнёзды.
Увесь гэты божы і чортаў свет —
пра нас.
І яна загараецца промнем святла,
глядзіць морам вокнаў — чырвоных, гарачых.
Моўчкі глядзіць на мяне і плача:
цяпер будзе ўсё іначай,
ты трошкі яшчэ пацярпі, хоць ты столькі ішла...
Мяне разрывае — нібы цыгарэтны пачак
спаліла адразу. Як быццам
раструшчаных берцамі рэбраў кавалкі
захраслі ў грудзях.
І б'ецца на месцы сэрца раздаўленая сініца —
маленькі бяскрылы птах.
Яе неспакойнае сэрца — вялізныя гмахі і варанкі,
у бетоне і шкле тут няма куды прытуліцца.
Пацярпі, мая родная, — просіць. —
Пакуль пацярпі.
Я ведаю, тут ці засіліцца, ці напіцца.
Плача і корміць мяне з рукі.