Kryscina Banduryna (Крысціна Бандурына)
Да жонкі наглядчыка заапарка
Да жонкі наглядчыка заапарка
Мы ледзь навучыліся
не задыхацца снамі.
Лавілі ў незашклёныя вокны
паўночных ластавак снегу,
глядзелі, як яны дагараюць
у халодным Марсавым полі,
і прагна жэрлі іх попел.
Салёныя матылькі
трашчалі на вуснах
і вырываліся вонкі,
забівалі горла,
запаўнялі крыламі лёгкія.
І чырвоныя бомбы
крычалі
ў начной цішыні:
"Памятай!
Памятай!
Памятай!
Ты не маеш права забыць".
Мы хадзілі па кавалках
выбітых вокнаў,
па запаленых свечках,
па пустых успамінах
і збіралі
халодны пот
з раскрытых далоней.
А заапаркі людзей
працавалі ў святочным рэжыме,
і мы кармілі іх
сваімі самымі страшнымі снамі,
глыталі салёныя кроплі поту,
каб можна было
ўдыхнуць паветра,
закрыць вушы
мокрымі далонямі
і пайсці далей
па разбураных вуліцах,
якія немагчыма забыць.
03.12.17