Valzhyna Mort

belarusisch

 

* * * [Каб увайсьці ў гэтую кватэру]

Каб увайсьці ў гэтую кватэру
Трэба ведаць пароль
Але ты едзеш
Але ў яе так проста не ўвайсьці

Тут яблыкі пятрушка і мае
Разяўленыя круглыя саскі
Нібы два калевы чырвонае ікры
Вось будзе ежа
Але ты едзеш

Рукой
Яе пясочным колерам
Трымаешся парэнчы
Шмат парэнчаў
І шмат твайго пяску на іх
І выйсьця
Ня маю з той пустыні

Мы здымем памяць быццам прастытутку
На гэты вечар
Пакатаем яе на коніку драўляным па кватэры
Але ў яе так проста не ўвайсьці

Ты бачыш як па дыску цыферблятным
Дзьве стрэлкі прагна носяцца па крузе
Адна другой наскоквае на плечы
Наскоквае на плечы і гвалтуе
І мы –  іх ненароджаныя дзеці

Так дзе ты кажаш быў калі цябе
На плошчы ўначы я забівала

© Вальжына Морт
Audioproduktion: Belarus PEN-Centre