Hlieb Labadzienka (Глеб Лабадзенка)
* * * [засынай – маленькім...]
* * * [засынай – маленькім...]
засынай – маленькім цудам.
заўтра ранак будзе белым.
я мурашкам чыстацелым
да цябе прыходзіць буду...
засынай. мы будзем ноччу
абмяркоўваць панады
разам мы за небам сочым
разам хочам чакаляду
за вакном зіма бязь сьнегу.
на вакне твая ўсьмешка.
я па сонца ў краму бегаў.
я прынёс табе арэшкаў.
засынай маленькім небам
я ня буду варушыцца
гэтым ранкам нам ня трэба
прачынацца ды імжыцца
сонца дыхае табою.
сонца скача як малое
я даўно цябе засвоіў
я хацеў цябе патроіць
засынай на золку самым
сны зафрэндзяць-захаваюць
будзе радавацца мама
што дзіцёнак сьпіць жывая
засынай. і ўсё як мае.
будуць новыя замуты.
зорка тэму падтрымае.
сьпі да неба дакранутай.