Andrej Chadanowitsch (Андрэй Хадановіч)
[зь нетрывалага даху сарвала скалечаны шыфэр]
[зь нетрывалага даху сарвала скалечаны шыфэр]
зь нетрывалага даху сарвала скалечаны шыфэр
і на досьвітку ў сон нацякло па калена вады
і паўночны алень у заходніх суседзяў “рэніфэр”
па сьцяжынах сьвядомасьці прэ невядома куды
гэты жарт не дагнаць не спыніць не стрымаць без паўлітра
восьмы год адукацыя зранку гудзе ў галаве
падступіла рака і дазваньня размыла палітру
й акварэльная фарба павольна з вадою плыве
санітары ракі не ўпалююць лернейскую выдру
на паверхні затокі ўначы адлюструецца дом
я знайду гэты дом і на ганку тваім ногі вытру
каб назаўтра за плыняю зноў бестурботным плытом
пералётным калумбам ня вырвацца ў страчаны вырай
і мураш-самурай заблукае ў чужой барадзе
вісакоснай тугой гераічнай сізіфавай гірай
гэта лета завісла й ніхто нікуды не ідзе
будзе ўсё як калісьці хоць лупу да вока наблізьце
пералётныя летнія зоры на ўскраіне сну
раўнадзенства па восені лічыць апалае лісьце
і зіма ў мацюгальнік завеі гукае вясну