Volha Ipatava (Вольга Іпатава)
ВІНДСЕРФІНГ
ВІНДСЕРФІНГ
Мне не ўтрымацца на дошчачцы кволай.
Лепш падымуся на ўзгорак -- здаля
Буду глядзець, як, вандроўнік вясёлы,
Лёгка ляціш па планеце Зямля.
Як парушынка ў возера воку
Парус твой белы -- цень аж на дне.
Вецер нясе твой віндсерфінг далёка,
Быццам забраць цябе хоча ў мяне.
О, не знікай, сінявокі Ягорыч!
Лёсу раптоўны і радасны дар.
З вуснаў сціраеш жіццёву горэч.
Фізік і лірік, мудрэц і гусар.
О, не знікай ! Закруціся ў сувоі
Часу -- і ў гэтай хвіліне жыві!
Мы растварыліся ў леце абое
Бегам гарачай, шалёнай крыві!
Ў лёгкасці боскай нам не ўтрымацца.
"Я навучу!" --ты гаворыш.
"Пасля!"
Далеч. Спякота. Конікаў брацтва.
І прыцяжэння не мае Зямля...