Siarhiej Prylucki (Сяргей Прылуцкі)
Tabula rasa - I. радзільня
Tabula rasa - I. радзільня
акушэркаю
яна прысутнічала на маіх народзінах
хударлявая маўклівая кабета няпэўнага веку
з павутой ружовых прожылак
на мармуровым чэрапе
і прыгожым тварам мулаткі
без касы з кароткай фрызурай
прымаючы роды
яна была падобная да сукубы
што высачыла спажыву
я згадаў яе
бо гэта яна адцяла мне пупавіну зубамі
яна выцягнула зь цёмнай і цёплай кануры
у гэты сьвет ідыётаў і мянтоў
але
заўсёды і ўсе
згадваюць рукі маці
гэты імправізаваны “Тытанік”
што закалыхваў на неспакойных хвалях
і старая савецкая радзільня рабілася тваёй alma mater
тваім першым флэшбэкам што сьпее зіготаю болю
там штомесяц
па даўгіх і халодных кафэльных калідорах
на мэталічных вазках вывозілі
маленькіх чырвоных пацучкоў
падобных на кавалачкі сьвежага мяса
на пурпуровыя гронкі папрыкі на зіхоткім падносе
але зьблізу
у белых каламутных слоіках кунсткамэры
яны страшылі розум
занураныя ў сон
хаця які там быў розум у мяне смаркача
што сікаў у пялюшкі і смактаў цыцку
самім сваім існаваньнем дамагаючыся няўцямнага
і толькі чорны балахон старое мулаткі
маёй госьці з будучыні
яе ссохлыя рукі-палачкі й круглыя вочы
уладна гіпнатызавалі
паціху забіраючы па кавалку
спачатку пальцы потым нагу левую правую
руку левую й правую геніталіі ныркі пячонку лёгкія
страўнік вантробы
мячык сэрца
і толькі ў апошні момант
ад нястачы кіслароду са страху
знутры
вырываўся ратавальны крык