Maryja Martysievič (Марыя Мартысевіч)
супольнае перабываньне
супольнае перабываньне
Калі выпісалі суседку па родах
з маленькай Юлечкай,
на іх месца нікога не паступіла.
Другі ложак застаўся пустым.
І тады мне падумалася,
што да нас падсялілі Багародзіцу,
каб мы не засталіся адны,
каб паказвала, як гушкаць і спавіваць,
каб падтрымлівала парадамі.
Не ведаю, праўда, якую: Жыровіцкую, Іверскую
або Міласьцівую з гары Кікас:
санітарачка гаворыць, яны ўсе „нашыя“.
А ў пятніцу
аддзяленьне засталося амаль пустым:
усім, каму было можна,
аформілі выпіску.
Кажуць, іншую радзільню паставілі на рамонт,
парадзіх адтуль будуць прымаць у гэтай.
А я думаю, так кажуць для адводу вачэй
і гэта ўсё – Багародзіцы.
Адасобленыя ад сьвету,
не пакідаюць палатаў,
схіліліся над плястыкавымі люлькамі.
Чанстахоўскай баляць швы;
Траеручніцы зручна сцэджвацца;
Угрэшская ня можа ўтаймаваць немаўля,
бегае на пост па дакорм;
Неапальная Купіна пранесла ў больніцу кіпяцільнік;
Уладзімірская не спускае дзіця з рук, выганяе газікі;
у Корсунскай адышлі воды па дарозе ў Полацак.
Спатольніца Смуткаў засяроджана разглядае
белую пялюшку з казённай пячаткай:
ведае, што плашчаніца
будзе з той самай тканіны.