Vital Ryzhkou (Віталь Рыжкоў)
чорна-белы верш
чорна-белы верш
…тых, хто замахваўся на тыранаў ці аўтарытарных лідараў,
далёка не ўсе — і справядліва — лічылі героямі,
бо прапаганда зла не пакідае выбару,
як і любая зброя.
вядома, зло сябе не залічыць да зла,
але з думак пра мэты, сродкі, іх спалучэнні марныя
вынікае старое: злу пастаянна трэба знаходзіць казла
ахвярнага,
злом абвяшчаць яго і яму ствараць перашкоды,
зломваць, тлумачыць свет, як сляпому.
дабру ўсе гэтыя гульні з перацягваннем коўдры
весці без понту,
бо дабро робіцца злом пасля перамогі над злом
аўтаматычна; параза дабра — перамога.
а праўда — гэта сумленне, сцягнутае вузлом
на шыі нямога.
праўда — тое, чым лупяць па твары, нібыта анучай.
праўда — рэкламны тавар, які надакучвае.
праўда — наіўная і пафасная, са зменлівай інтанацыяй.
праўда — зацюканая аднакласніца з прагаю падабацца.
і пакуль зло карыстае праўду, а дабро карыстаецца
праўдай, ёй не выпадае шанцаў на лідарства,
праўда — твая паўсляпая настаўніца,
што зрэдку бярэ рэпетытарства
і падцягвае па прадмеце тых, каму не хапае спрыту,
да выпускнога іспыту.