Nasta Mancevich (Наста Манцэвіч)
*** [чаму я пішу вершы з рыфмай]
*** [чаму я пішу вершы з рыфмай]
чаму я пішу вершы з рыфмай
Ты пытаеш мяне чаму я пішу вершы з рыфмай
скардзішся, што не можаш ім верыць
кажаш, што калі я шукаю, якое слова тут лепей пасуе
атрымліваецца прыгожа
але не тое, што ёсць сапраўды.
Я думаю – дзеля цябе – усё што заўгодна
нават калі гэта таксі да зубнога ўночы
нават калі гэта першы брэндзі за два гады
ці трэба чакаць цябе больш за месяц
НАВАТ КАЛІ ГЭТА ВЕРЛІБР
я бяру ў руку асадку
і пачынаю пісаць верш без рыфмы
каб ты не сумнявалася
каб ты верыла кожнаму слову што ў ім.
я
кахаю
цябе
* напісанаму верыць *
я кахаю цябе –
мілая ай мін іт
я стараюся
я пішу верш без рыфмы
я трымаю сябе ў руках
у мяне атрымліваецца ўсім верлібрам верлібр
падчас напісання якога
не было ўжыта ніводнага слова дзеля прыгажосці
НІВОДНАЙ РЫФМЫ
І калі раптам табе гэтага мала
я паўтару ўсё спачатку
і калі раптам табе і гэтага мала
я паўтару ўсё спачатку
і калі раптам ты будзеш яшчэ сумнявацца
я паўтару ўсё спачатку
буду чытаць свой верлібр яшчэ і яшчэ
да хрыпаты
а пасля на секунду (усяго на секунду)
дазволю сабе расслабіцца
адкладу ў бок асадку
заплюшчу вочы
а там
ты ты ты ты ты