Hlieb Labadzienka (Глеб Лабадзенка)
* * * [чацьвертае сьнежня]
* * * [чацьвертае сьнежня]
чацьвертае сьнежня
зялёны газон
у нас пад вокнамі
і нават
нават на самай
загадкавай у менску
вуліцы імя
лазо
ты вучыш францускую
я мару пра лета
а вось каб
наадварот
дык я й не
ўяўляю
ня дужа мне цяжка
марыць пра лета
чацьвертага сьнежня
калі зялёны газон
нават
у вёсцы Бабовішчы
Слуцкага павета
ведаеш
я так заўважыў
што чым больш
мару пра лета
тым меней хочацца
зімы
бо можа ўсё
было б i нічога
ці, як кажуць у нас,
няблага
калі б чацьвертага сьнежня
зялёны газон
вочы мае
каціныя
ня пляжыў
нават у мэтро
цягнікі
падрыхтаваныя да
пераходу на халодны
расклад руху
i зь цяжкасьцю
церпяць адвалочку
дворнічыха клава
праверыла шуфель
i гатовая змагацца
з сумётамі
толькі чакацьме
клава
хто б мог
падумаць
ўчора
што сёньня
сьнежань
будзе такі
i я, ідучы
дахаты
усё болей
схіляюся
верыць
што там на
месяцы
месяцовыя дзеўкі
гукаюць для
нас зіму
але пакуль што
нічога
мне не заўважна
чацьвертага
сьнежня
апроч
прывітаньня лета
i я набліжаю
лета
з кубкам
зялёнай гарбаты