Julia Cimafiejeva (Юля Цімафеева)
MOTHER TONGUE
MOTHER TONGUE
У мяне мамін чырвоны язык.
Гутаперчавы хлопчык.
Ён
гнецца ва ўсе бакі.
Ён
скача праз кола зубоў.
Ён
узлятае
з мокрай арэны сківіцы
да паднябеннага купала.
(Зноў гэты цырк!..)
Мама, у мяне ў роце
твой чырвоны язык.
Ты бачыла,
як я вучылася
на ім гаварыць,
як аблізвала
твае салодкія словы,
як прагна смактала
твой грудны голас,
як вымагала: яшчэ.
Мама, у мяне ў роце
твой чырвоны язык.
Я піла тваё малако,
каб ён рос,
каб набіраў кілаграмы,
каб вучыўся трымаць галоўку
ў сваёй слінявай калысцы,
каб пачаў поўзаць
ад шчакі да шчакі.
Каб урэшце пачуўся
яго дзіцячы лепет.
Мама, у мяне ў роце
твой чырвоны язык.
Ён так і не вырас,
ён так і не стаў сапраўдным
мужчынам. Хлопчык,
які ў людзі адзяваецца
дзяўчынкай.
Мама, я вучуся гаварыць
штодня. Я вучуся гаварыць
чужымі для цябе
мовамі, пра чужыя для цябе
рэчы. Ты падарыла мне жыццё —
а я адкрыла ў ім школу
замежных моў.
Але язык ў маім роце
ўсё роўна адзін.
І ён твой.