Maryja Martysievič (Марыя Мартысевіч)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (3)
BARBARA RADZIWIL'S LIVEJOURNAL (3)
(урыўкі з інтэрнэт-дзёньніку ~barbara_r)
Мой Жыкгімонт, мой юны Жыкгімонт
ідзе на сьвет падлеткавай вайною,
кранальна эпатуючы beau monde
кіслотнаю фрызураю і мною,
Мой Жыкгімонт саромеецца слоў
“аральны сэкс”, і так баіца маці,
ёй хлусячы пра сеймы і паслоў,
калі ў палацы Пацаў зноўку party.
Мой Жыкгімонт – завостранае “кг”
Бы выбух у каханьнем поўным роце.
O mon petit prince, je suis très fatigeé
Хадзем ад іх, мой любы Жыкгімонце…
Мой Жыкгімонт – у ім адметны дар
яго ўладарства станецца эпохай,
ну а пакуль мой слаўны гаспадар
сьпяшае да мяне таемнай лёхай,
бо ёсьць адно, што болей не міне,
пра што пакуль што думаецца ўпотай:
мой Жыкгімонт ужо жыве ўва мне
маленькай сарамліваю зікготай.
Вільня 1547 г.